БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».

Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.​Клімчук, гал. мастак А.​Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.​Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.​Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.​Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.​Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.​Дыбчы (паводле бел. нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.​Граўцова (паводле твораў Я.​Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.​Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.​Угрумава), «Чорная курыца» А.​Пагарэльскага, «Папялушка» Я.​Шварца, «Лялечнік» М.​Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.​Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.​Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Беларускі тэатр «Лялька». Удзельнікі спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)